Выпуск № 16 (1 ноября 2013 г.)
Дзень пазітыву
Заўсёды цікава і незвычайна праходзяць не традыцыйныя каляндарныя святы (хаця і без іх немагчыма ўявіць школьнае жыццё), а тыя , якія падказваюць нам жыццёвыя сітуацыі.
У гэтым навучальным годзе наш дружны школьны калектыў папоўніўся вучнямі Шутавіцкай базавай школы. Для гэтых дзяцей такая падзея была вельмі хвалюючай. Усё насцярожвае: як прымуць іх дзеці, настаўнікі, як прывыкнуць да новых правілаў, традыцый і г.д. Вось таму псіхолаг нашай школы Вольга Міхайлаўна прапанавала правесці дзень пазітыву. Усім дзецям гэта свята вельмі спадабалася. Свае водзывы многія пакінулі на лісце заўваг і прапаноў. А што ж наконт свята скажа сама арганізатар?
- Што вы чакалі ад гэтага свята?
- Каб настроіць усіх на пазітыўны лад.
- Якія задумы Вам удалося рэалізаваць?
Пастаўленых мэтаў я дасягнула. Галоўнае, што усім гэта прынесла задавальненне.
- Што з запланаванага, на Ваш погляд, прайшло найбольш удала?
- Мне здаецца, што ўсё свята было ўдалым, але асабліую цікавасць выклікаў флэш-моп.
- Ці ўзнікла ў Вас жаданне што-небудзь змяніць пасля аналізу дня пазітыву?
- Не хапала часу, бо на перапынку ўсё паспець немагчыма.
- Як Вы ацэньваеце актыўнасць вучняў і настаўнікаў?
- На высокім узроўні.
- Які задумы ў Вас ёсць на будучае?
- Мы не будзем спыняцца на адным мерапрыемстве, прадаўжэнне будзе.
- Лозунгам свята былі словы “Усміхніся жыццю – яно любіць вас”. Вы прытрымліваецеся гэтых слоў у сваім жыцці?
- А як жа іначай! Само жыццё—гэта абсалютны пазітыў.
Свята настаўнікаў
Як вы мяркуеце, ці прыемна будзе чалавеку, калі яго на рабочым мейсцы чакае прыгожы восеньскі букет? А калі гэты букет вам уручаюць вашы ўдзячныя вучні? Я думаю, тут не будзе адмоўнага адказу. Дзень настаўніка ў гэтым навучальным годзе пачаўся іменна так для ўсіх настаўнікаў нашай школы. Іх твары свяціліся радаснай усмешкай. І прыемна было не толькі ім, але і нам, вучням. Потым сваіх класных кіраўнікоў віншавалі класныя калектывы. Не забылі мы і пра нашых настаўнікаў-ветэранаў. Ім даставілі на хатні адрас запрашэнні на свята і невялічкія сувеніры . На жаль, не ўсе змаглі прыйсці да нас на святочны канцэрт, які мы падрыхтавалі сумесна з музычнай школай. Цікавая праграма спадабалася ўсім. На свяце вучні пачатковых класаў спявалі святочныя песні, музычная школа падарыла ўсім цудоўныя хвіліны сустрэчы з музыкай, а ГА “БРСМ” здзівіла ўсіх неардынарнымтанцам. Святочны і ўрачысты настрой не пакідаў нікога ўвесь святочны дзень.
Школа запрашае ў госці
Навошта шосты школьны дзень? Такое пытанне задаюць толькі тыя, хто любіць паваляцца да паўдня ў ложку, ці бавіць свой час без ніякай мэты ў камп’ютары. А тыя, хто прывык пазнаваць нешта новае, атрымоўваць задавальненне ад сустрэч і размоў з сябрамі, спартыўных гульняў і спаборніцтваў, ведаюць адказ на гэта пытанне.
У нашай школе кожны суботні дзень праводзяцца цікавыя мерапрыемствы, працуюць розныя гурткі . Наведаемся ў адзін з суботніх дзён у нашу школу. Чуеце крыкі, гоман, смех у спартыўнай зале? Ідзём туды, каб даведацца, што там адбываецца. Тут праходзяць малыя алімпійскія гульні. Тут усё як на сапраўдных спаборніцтвах: строгі суддзя, спартыўнае журы, лепшы спартсмен падымае флаг алімпійскіх гульняў., каманды спаборнічаюць і парамагае мацнейшы. Цяпер падымаемся на другі паверх. Тут цішыня. Няўжо нікога няма? Заходзім у першы кабінет. Ды не , тут працуюць дзяўчынкі, яны робяць з бісеру цікавыя рэчы. Гэта вельмі крапатлівая і тонкая работа, ім не да шуму. Гэта працуе гурток “Чароўны бісер”. У наступных кабінетах таксама ёсць дзеці, яны прыйшлі на гурткі “Падлетак”, “Пазнаю сябе”, драматычны, “Папялушка”. Кожнаму ёсць справа па душы. І так кожны суботні дзень. Вам стала цікава? Тады, калі ласка, запрашаем усіх жадаючых будзем вельмі рады вам.
Зробім двор чыстым
Восень – цудоўная пара года. Багатая яна як на дары сада і агарода, так і на колеры. Прыемна ісці і слухаць, як шапаціць пад нагамі стракаты дыван з апалых лісцяў. Шкада толькі, што гэты дыван за некалькі дзён мяняе свой цудоўны колер на брудна-руды. І ад такога відовішча ўжо больш не застаецца той прыгажосці і рамантыкі. І каб гэты малюнак не псаваў настрой, мы дружна адгукнуліся на акцыю “Зробім наш двор чыстым”. Кожны класны калектыў наводзіў парадак на сваёй замацаванай тэрыторыі. Працавалі ўсе шчыра і адказна. Гэтаму спрыяла і надвор’е. Свежае паветра, дружная праца разрумяніла твары дзяцей і паспрыяла таму, што наш школьны двор стаў сапраўды чыстым і прыгожым.
Падарожжа ў краіну Піянерыя
Зранку накрапвае халодны восеньскі дождж, вакол шэра і змрочна. А ў школе пануюць святочны настрой і яркія фарбы. А ведаеце ў чым тут прычына? Сёння вучняў пятага класса прымаюць у піянеры.
І вось ён, святочны і адказны момант: будучыя піянеры дружна даюць урачыстае абяцанне, ім павязваюць гальштукі...Цяпер— першы піянерскі заклік і першы ўрачысты салют.
Радасць перапаўняе сэрцы юных піянераў, іх віншуюць дырэктар школы і класны кіраўнік. Пад апладысменты ўсіх прысутных пяцікласнікі пакідаюць урачыстую лінейку. Гэта свята павінна надоўга застацца ў іх памяці.