Нататкі юнага вандроўніка "Сцяжынкамі Бацькаўшчыны"
Гродзенская вобл., Смаргонскі р-н, в. Сінькі
ДУА “Вучэбна-педагагічны комплекс Сінькоўскі яслі-сад-сярэдняя школа”
2012 год
Кіраўнікі:
Карповіч Аляксандр Юр’евіч (настаўнік гісторыі)
Лобач Вера Іванаўна (настаўнік беларускай мовы і літаратуры)
Аўтар: Шчасная Людміла Леанідаўна (вучаніца 11 класа)
Змест
- Уводзіны. Развагі перад падарожжам.
- Сінькі - першы пункт маршруту.
- Цікавыя мясціны вёсак Цары і Суцькава.
- Наваспаск у гістарычным ракурсе.
- Крэўская зямля – неад’емная частка гісторыі Беларусі.
- Заключэнне.
- Пажаданні ў дарогу.
- Літаратура.
Уводзіны. Развагі перад падарожжам
Мы – багатыя людзі. Усё, што засталося нам у спадчыну, выклікае вялікае захапленне ў нашых суседзяў. Самі беларусы не хваліліся і не хваляцца гэтым – не ў нашым характары. Але нельга ні на хвіліну забывацца на каштоўнасць таго, што цяпер ёсць у нашых руках. Гэта наша гістарычная спадчына.
Памяць пра гісторыю свайго народа з’яўляецца вечнаю каштоўнасцю вечнага чалавецтва. Яна павінна жыць, жыць дзённа, вечна. Бо, як сцвярджаў У. Караткевіч у сваім творы “Каласы пад сярпом тваім”, “варты жалю той, хто не ведае былога дня і таму не можа разабрацца ў сённяшнім і прадбачыць будучы… Абыякавы да мінулага не мае аніякай інтэлектуальнай перавагі над жывёлай і таму ёсць першы кандыдат на маральную, а затым і фізічную смерць. Усё адно хто гэта – чалавек ці народ”.
Сваім абавязкам мы лічам вывучэнне гістарычнай спадчыны нашай маленькай радзімы, дзе нам пашчасціла нарадзіцца і жыць. Бо Айчына з’яўляецца адной з галоўных святыняў у жыцці чалавека. Наш народ цаною жыцця ахоўваў свае хаты, гаспадарку, гарады і вёскі, помнікі культуры. І мы не можам, не маем ніякага права забыцца на ўсё гэта.
Мы паставілі перад сабой задачу: пазнаёміць з нашай гістарычнай спадчынай іншых. У выніку атрымаўся маршрут: Сінькі – Цары – Суцькава – Наваспаск – Крэва. Гэты маршрут завочна правядзе вас па самых цікавых і значных мясцінах, мы завітаем у тыя куточкі, якія прымушваюць трапятаць сэрцы сапраўдных патрыётаў, тых, хто неабыякава ставіцца да гісторыі свайго народа і наогул да ўсяго, што дайшло да нас праз гады і стагоддзі. Але наша вам парада: не здавольвайце сваю цікавасць да гісторыі толькі напісаным, знайдзіце час, каб дакрануцца да гісторыі наяве, тады атрымаеце сапраўднае задавальненне.
Гэта незвычайнае падарожжа ў мінулае праз сучаснасць. Маршрут наш пачынаецца з вёскі Сінькі.
Радзіма мілая мая!
Вёсачкі, вёскі, сёлы
Ці грэе гаючае лета,
Ці сэрца сціскае мароз
Як дорага мне ўсё гэта
Да болю, да крыку, да слёз.
Сінькі - першы пункт маршруту
Сінькі - пачатак нашага маршруту. Упершыню ўзгадваецца ў дакументах у сярэдзіне 19 ст. У той час гэта вёска знаходзілася ў Беніцкай воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні. Паводле інвентара 1864г. у вёсцы было 40 рэвізскіх душ і з’яўлялася ўласнасцю Антушэвічаў. У 1889г. тут было 11 дамоў, 75 жыхароў( усе праваслаўныя). У 1901г. ў вёсцы адкрыта школа царкоўнай граматы. У 1905г. сядзіба, дзе пражывала 8 жыхароў, па-ранейшаму належыла Антушэвічам. З 16 ліпеня 1954г. вёска - цэнтр сельсавета. У 1974г. тут працавалі сярэдняя школа, рамонтна- механічныя майстэрні, ветэрынарны ўчастак, камбінат бытавога абслугоўвання, клуб, аддзяленне сувязі, бібліятэка. На 1 студзеня 2004г. у вёсцы 134 двары, 319 жыхароў, працуе Сінькоўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа, адміністрацыя СПК “Сінькі”, Дом культуры і іншыя ўстановы.[1]
Цікавым з’яўляецца і паходжанне назвыа вёскі. Старажылы тлумачаць гэта так: справа ў тым, што сама вёска знаходзіцца ў нізіне, а суседнія з Сінькамі вёскі Паніззе і Даўбучкі размешчаны значна крыху вышэй . І калі глянуць на вёску з гэтых мясцін, то над Сінькамі заўсёды ёсць сіняватая дымка. Адсюль, кажуць, і пайшла назва.
Зямля мая, ты для мяне - як дзіва,
Як першы дотык любае рукі,
Як у спякоту млосную ільдзінка,
Як на кашулі белай васількі.
Сяргей Законнікаў
Самым значным гістарычным помнікам Сінькоў з’яўляецца Сінькоўскае гарадзішча. Гэта помнік бронзавага і жалезнага вякоў. Пляцоўка, на якой жылі людзі, у плане нагадвае прамавугольнік памерамі 30 на 40м. Шмат легендаў пра яго ходзіць у народзе. Існуе легенда, што на гэтым месцы стаяў касцёл. Адны жыхары кажуць, што касцёл згарэў і праз некаторы час тут утварыўся курган. Другія сцвярджаюць, што касцёл праваліўся пад зямлю, і доўгі час яшчэ былі чуваць там гулы і стогны людзей.
У 80 гг. 20 ст. гарадзішча даследавалася археолагамі.
Мы ўзышлі не з насення, што ветрам засеяна,
Мы не дзікай травы самарослыя парасткі.
У глыбінях зямлі, гераічнай і песеннай,
Нашых душ карані – з вузлякамі ўпартасці.
Ніл Гілевіч
Прайшла па Сінькоўскаму краю І сусветная вайна і Вялікая Айчынная вайна.
У 1915- 1918 гг. тут знаходзіліся тылавыя часці рускай арміі. У Вялікую Айчынную вайну у гэтай мясцовасці часта з’яўляліся партызаны.
З успамінаў Ільясевіча І. С. “…У 1944г. партызаны застрэлілі нямецкага афіцэра, які ехаў на матацыкле па дарозе на Капланы (цяпер Сінькі). Вясковыя мужыкі, баючыся фашысцкай расправы, схавалі матацыкл каля рэчкі, а немца закідалі сенам. У гэты момант ў Сіньках з’явіліся нямецкія салдаты, якія хутка пачалі шукаць знікшага афіцэра… Знайшлі матацыкл… Помсцячы за смерць нямецкага афіцэра, фашысты растралялі трох мужыкоў з Сінькоў ( Русака, Шчаснага, прозвішча трэцяга невядома.)”
“…У ліпені 1944 г. немцы адступалі. Уцякаючы са Смаргоні, яны кінулі ў Капланах абоз з правіянтам, а вёску са злосці запалілі. Згарэла шмат хат. Вечарам гэтага ж дня людзі пачалі разбіраць ежу з кінутага абоза і шукаць прытулку на ноч.”
Усё пакінуць след павінна,
Бо, як пачаўся белы свет,
Прамень, пясчынка і расіна
Нязменна пакідаюць след.
П. Броўка
Цікавым месцам у Сіньках з’яўляецца школьны музей. Гісторыка - краязнаўчы музей створаны ў 1991 годзе. Стваральнікам і першым кіраўніком музея быў Рак Мікалай Ігнацьевіч. З 1998 года музеем кіруе Карповіч Аляксандр Юр'евіч. Дзейнічае Савет музея, у які ўваходзяць настаўнікі і школьнікі. На базе школьнага музея дзейнічае гурток «Юныя экскурсаводы».
Гісторыка - краязнаўчы музей уключае сем раздзелаў экспазіцый: 1) Смаргоншчына ў найстаражытнейшыя часы, 2) Манеты і старадаўнія кнігі, 3) Татары на Смаргоншчыне, 4) Гісторыя гарадоў і мястэчкаў, 5) Сялянская хата, 6) Сялянскія прылады працы, 7) Наша зямля падчас І і ІІ сусветных войн.
Першы раздзел распавядае аб першабытных людзях у Сінькоўскім і Смаргонскім краі. У другім раздзеле прадстаўлены манеты, папяровыя грошы 18- 20 стст., якія былі ў абіходзе ў той час на нашай тэрыторыі. Акрамя гэтага тут прысутнічаюць старыя кнігі і дакументы першай трэці 20 ст. Наступны радзел на аснове фотакопій распавядае аб гісторыі татараў у Сінькоўскім краі. Асновай радзелу “Гісторыя гарадоў і мястэчкаў» з'яўляюцца фотакопіі ілюстрацый кнігі Чэслава Янкоўскага «Павет Ашмянскі». Наступныя радзелы знаёмяць з інтэр’ерам сялянскай хаты пачатку 20ст. і шэрагам сялянскіх прылад працы гэтага перыяду. Апошні раздзел на аснове рэштак узбраення, салдацкіх рэчаў, фотаальбома « Ветэраны нашай зямлі» апісвае падзеі І і ІІ сусветных войн.
Усяго ў музеі на пачатак 2011 года знаходзяцца 263 экспанаты, з іх 189 асноўнага фонду. Самымі каштоўнымі з іх з'яўляюцца каменныя сякеры, манеты коштам 10,20, 50 грошаў (Польшча 1923 г.); 1 злоты (Польшча, 1929 г.); манеты 1, 2, 3, 5 капеек (Расія, пач. 20 ст.); драўляная тарка для мыцця бялізны (пач. 20ст.); барана драўляная (першая чвэрць 20 ст.); бутэлька шкляная (1896 г.); кніга “Адрасная кніга ўстаноў і службовых асоб” (Вільня, 1901 г.).
Цікавыя мясціны вёсак Цары і Суцькава
Упершыню Цары згадваюцца ў канцы 19- пач. 20 ст., як вёска Ашмянскага павета Віленскай губерні. У 1905г. тут было 144 жыхары, а вёсцы належала 182 дзесяціны зямлі. На 01. 01. 2004 г. было 3 двары і 109 жыхароў.
Першыя пасяленцы насілі прозвішча Царыкі, адсюль і сама назва мясцовасці Цары. Але ёсць меркаванні, што назва гэта ўзнікла па іншай прычыне. Вельмі прыгожае гэта было месца, наўкруг яго былі непраходныя лясы, багатыя птушкай і рознай дзічынай. Аблюбавалі гэта месца заможныя князі і пачалі прыязджаць сюды на паляванне, а на тым месцы, дзе цяпер вёска, разбівалі свой лагер. Просты ж люд усіх багатых і заможных царамі лічыў, таму і назвалі вёску Цары. На тэрыторыі селішча Цары ёсць могільнік, які датуецца 15 – 18 ст.. Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Беларусі. Недалёка ад вёскі быў пастаўлены крыж на брацкай магіле рускіх воінаў, якія загінулі ў гады Першай сусветнай вайны. Як гэта падзея адбывалася запісана са слоў мясцовай жыхаркі Валянціны Казакевіч.
“Першая сусветная вайна пакінула пра сябе памяць і на нашай зямлі. Як я памятаю, на тым месцы, дзе цяпер крыж, было 45 магілак. І крыжы на магілках стаялі, праўда старыя вельмі, а пасярэдзіне - вялікі дубовы крыж з абразам Божай Маці “Усіх смуткуючых радасць”. Але потым зараслі гэтыя могілкі, крыжы папалілі, а месца зарасло кустоўем. Людзі ж нават пачалі там пясок капаць. Гэта мяне вельмі непакоіла. Аднойчы ноччу мне прысніўся сон, у якім я сустрэлася з сівой старэнькай жанчынай. Тая жанчына сказала, што тут, дзе цяпер пясок капаюць, пахаваны яе сын. Раптам з зямлі паднялося многа салдат. Адразу ж на наступны дзень я пайшла да старшыні калгаса, расказала пра сон і выказала сваю просьбу аб увекавечанні памяці загінуўшых. Эдвард Міхайлавіч паабяцаў дапамагчы і абяцанне сваё выканаў. Паставілі крыж 9 мая на Дзень Перамогі, асвяціў яго бацюшка згодна з праваслаўнымі традыцыямі, і абраз прыбілі, які быў першапачаткова.”
Суцькава ўпершыню ўспамінаецца таксама ў канцы 19- пач. 20 ст., як сяло Смаргонскай воласці Ашмянскага павета Віленскай губрні. Паводле інвентару 1865 г. у сяле пражывала 74 рэвізскія душы. У 1877 г.адкрыта царкоўна- прыхадская школа. У 1886г. было 26 двароў, 172 жыхары, працавалі Праабражэнская мураваная царква, вадзяны млын, карчма. У1897 г. дзейнічала царкоўна-прыхадская школа. У 1905 г. у паселішчы 71 жыхар, да сяла прыпісана 90 дзесяцін зямлі. Непадалёку з назвай Суцькава існавала вёска (275 жыхароў, мела 421 дзесяціну зямлі), сядзіба карчмы (5 жыхароў, 6 дзесяцін зямлі), сядзіба царквы (10 жыхароў, 26 дзесяцін зямлі). У 1974 г. тут працавалі рамонтна- механічныя майстэрні, ветэрынарны участак, клуб, бібліятэка, ФАП, адзяленне сувязі, магазін. На 01. 01. 2004 г. 50 двароў, 99 жыхароў.[2]
Суцькаўскія пясчана-жвіравыя камлыгі кангламератаў- прыродная адметнасць гэтага краю. Утварыліся падчас зледзянення каля 150-130 тысяч гадоў назад і з’яўляюцца прыкметай моцнага ледніковага ціску пры стварэнні Ашмянскай грады. [3]
Столькі зведаўшы гора, нягод,
Столькі слёз, і крыві, і агню –
Ты, Радзіма, на тысячы год
Заслужыла сабе цішыню.
З гэтай мясцовасці пачынаецца гераічная гісторыя нашага краю ў І сусветнай вайне.
Летам і восенню 1915 г. руская армія, стрымліваючы наступленне ўсёй аўстрыйскай арміі і 40 германскіх дывізій, адступала на ўсход. У пачатку верасня 1915 г. фронт усталяваўся ад Балтыкі – на захад ад Вільні – на усход ад Гродна і далей на поўдзень да Карпат. Перагрупаваўшы войскі Германія пачала новае наступленне. 9 верасня 1915 г.пачаўся Свянцянскі прарыў германскіх войск.
15 верасня 1915 г. нямецкі кавалерыйскі полк пры падтрымцы артылерыі і кулямётаў атакаваў Смаргонь, у той час 16- тысячны горад. Рускія маршавыя роты папаўнення, якія знаходзіліся ў Смаргоні, у 8 гадзін раніцы прынялі першы бой. Панёсшы страты, зрасходаваўшы боепрыпасы, рускія войскі адышлі да Крэва. Насельніцтва Смаргоні за 3 гадзіны было эвакуіравана. Хутка да Солаў і Залесся падышлі 36-ы армейскі і 4-ы Сібірскі корпусы 2-й рускай арміі. Немцы працягвалі наступленне, імкнучыся акружыць рускія войскі. Аднак да горада падышлі 1-я і 2-я гвардзейскія пяхотныя дывізіі і гвардзейская стралковая брыгада. Гвардзейцы 19 верасня да ночы адбівалі жорсткія атакі ворага, які жадаў з захаду прабіцца да Смаргоні. Да горада заставалася 6 км, аднак нямецкая пехота так і не змагла прабіцца на дапамогу сваёй кавалерыі.
20 верасня 1915 г.каля 15 гадзін рускія войскі штыкавой атакай вызвалілі Смаргонь. Нямецкая кавалерыя адышла на поўнач. Уноч з 22 на 23 верасня 1915 г. войскі 10-й рускай арміі па загаду пачалі адыход на рубеж Смаргонь- Крэва. 24 верасня гэтыя сілы ўвайшлі ў горад і пачалі ўмацоўвацца на новай лініі абароны.
25 верасня 1915 г. немцы пачалі новае наступлене на Смаргонь. Баі не змаўкалі на шашы Смаргонь- Крэва. 27 верасня немцы атакавалі Кунаву, Цары, Сакавічы, Наваспаск. Абарону тут занялі лейб-гвардыі Фінлянскі полк і лейб- гвардыі Паўлаўскі полк. На наступны дзень у в. Багушы 7-я Сібірская і 2-я Фінляндская дывізіі ў начным баі ўмацавалі фронт. Аднак страты былі вялікія.
Хутка немцы вырашылі прарывацца да Смаргоні з поўначы, уздоўж Віліі. 30 верасня 1915 г., у час гэтых атак, нямецкія войскі здзейснілі дадатковы ўдар на ўчастку Кунава - Цары. Аднак усе атакі германцаў былі адбіты. 4 кастрычніка 1915 г. рускія і нямецкія войскі перайшлі да абароны, пачалася “пазіцыйная вайна”
У кастрычніку 1915 г. была пабудавана 19-кіламетровая чыгуначная ветка ад станцыі Пруды праз Паніззе - Дохны да чыгункі Маладзечна - Ліда. Па ёй на лінію фронту дастаўляліся чыгунначныя платформы з дальнабойнымі марцірамі.
У канцы 1915- пачатку 1916 г. была пабудавна конна- чыгуначная дарога ад Залесся на Паніззе - Кеўлы з адгалінаваннямі на Шутавічы, Бурчакі, Цары, Дракі (Вясенняя) і інш.
Умацавалі свае пазіцыі каля Смаргоні, Крэва, Наваспаска, Суцькава і германскія войскі. Пазіцыі складаліся з 4 палос (адлегласць паміж імі складала ад 3 да 5 км). Кожная паласа ўключала не менш 3 ліній акопаў і траншэй. Цяжкія бятонныя доты і бліндажы, кулямётныя гнёзды былі звязаны з тылам сістэмай шматлікіх хадоў-зносін. Жалезабетонныя ўмацаванні былі створаны з камфортам: сцены і паталкі былі аббітыя дошкамі, падлогі глінабітныя ці дашчатыя, у вокны ўстаўлена шкло, у пакоях - нары і паліцы.
Кожная ўмацаваная паласа была абведзена калючым дотам у 15- 20 радоў. З таго часу каля Цароў і Суцькава засталося шмат рэшткаў нямецкіх дотаў і бліндажоў.
У ліпені 1916 г. у падтрымку “Брусілаўскага прарыва” на ўчастку Смаргонь- Крэва рыхтавалася наступленне 10 рускай арміі. Аднак, даведаўшыся аб падыходзе 10 нямецкіх дывізій, камандуючы Заходнім фронтам Эверт не рашыўся аддаць загад аб наступленні.
У ліпені 1916 г. немцы каля Смаргоні, Цароў, Суцькава правялі газавую атаку. У выніку яе атрутны газ пранік больш чым на 20 км у бок Маладзечна і нанёс вялікія страты рускім войскам. Было атручана 40 афіцэраў і 2076 салдат.[4] Такія газавыя атакі паўтараліся шмат разоў. Пасля адной з іх каля в.Вясенняя было пахавана ў брацкай магіле некалькі тысяч рускіх салдат і афіцэраў.[5]
Наваспаск у гістарычным ракурсе
Упершыню ўзгадваецца ў пачатку 20 ст. пад назвай Наваспаская ў складзе Смаргонскай воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні. У той час там пражывала 175 жыхароў. Да вёскі адносілася каля 148 дзесяцін зямлі. На 01.01.2004 г. у Наваспаску было 98 двароў, 226 жыхароў.[6]
Багатая гэта вёска на гістарычную спадчыну. Самым значным і цікавым помнікам гісторыі з’яўляюцца разваліны Спаса-Праабражэнскай царквы. Гэтыя магутныя сцены бачны здалёк, яны заварожваюць сваёй велічнасцю і з'яўляюцца напамінкам аб тым, што пакуль жыве гістарычная памяць – жыве і сам народ. Бачыла гэта царква на сваім доўгім вяку і святочныя ўрачыстыя богаслужэнні, і разбуральныя войны. Менавіта войнам яна абавязана цяперашнім сваім выглядам. Унесла вайна і адметныя штрыхі ў малюнкі навакольнай прыроды: пачварныя доты і равы-акопы. Гэта ўсё гісторыя, якую ствараюць самі людзі і няўмольны час.
Заснаваў храм (як уніяцкі) пан Букаты, старшыня польскага сейма ў Варшаве. Гэта адбылося ў 18 ст. Фундамент у яго быў не каменны ці бетонны, а цагляны, вялікага памеру. Сумесь для злучэння цэглы фундаменту і сцен рыхтавалася з выкарыстаннем бялку яек. Але Букатаму і гэтага падалося мала. У сцяну храма ён залажыў тайнік, у якім пакінуў ці то 10 000, ці то 35 000 дукатаў на капітальны рамонт храма ў будучым. Там жа знаходзілася і дошка з указаннем года пабудовы і каштарыс затрат. На жаль як сам клад, так і каштарыс был і знойдзены гадоў 20-30 назад і далейшы лёс іх невядромы. Дарэчы, храм праславіўся яшчэ тым, што ў ім захоўвалася копія плашчаніцы, адна з трох на Беларусі.
У 1808- 1839 гг. царквой валодалі ўніяцкія манахі-базіліяне. З 1839 г. храм стаў Спаса-Праабражэнскай праваслаўнай царквой. У 1877 г. пры царкве адкрыта царкоўна-прыхадская школа.
У час Першай сусветнай вайны на шашы паміж Наваспаскам і Крэвам з'явілася мноства нямецкіх умацаванняў, у тым ліку і доты. Наваспаск некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі, а ўзгорак, на якім знаходзіўся храм, быў асноўнай ваеннай кропкай. Вакол будынка былі акопы, сцены пасечаны кулямі і снарадамі.
Дарэчы, з Наваспаскам звязаны адзін трагікамічны эпізод Першай сусветнай вайны. У выніку пазіцыйных баёў здарылася так, што лінія фронту праходзіла праз вёску. Заходняя частка была ў руках немцаў, а ўсходняя, у тым ліку і храм, - у руках рускіх. Немцы ніяк не маглі выбіць рускіх з вышыні, тады яны пайшлі на тактычную хітрасць. На ўскрайку вёскі знаходзіўся бровар. Немцы зрабілі выгляд, што пакідаюць пазіцыі і адышлі ў лес. Рускія захапілі бровар, і... выпілі ўсё піва. Што было далей не цяжка ўявіць. Праз некалькі часоў немцы пайшлі ў наступленне і захапілі ўсю вёску.
Пасля вайны разбураны храм так і не быў адноўлены. Праўда, быў адзін чалавек, якому лёс старога храма быў неабыякавы. Гэта Іван Русак, мясцовы жыхар. Вельмі цікавы дзед, які служыў у паліцыі яшчэ ў часы панскай Польшчы да Другой сусветнай вайны. Мясцовы захавальнік традыцый і гісторыі. Па меры сіл гэты дзед у свой час сабраў тое, што засталося ад аздаблення храма і перадаў у Каўнаскі музей. 3 яго слоў, аздабленне было вельмі прыгожым і працэнтаў 50 складалася з янтарнай мазаікі. Сабе ён пакінуў толькі Біблію XVI ст. з каляровымі малюнкамі, напісанымі маслам. Акрамя таго, сабраў звесткі пра гісторыю храма. Прасцей кажучы, ад яго мы і даведаліся пра ўсё.
Для Наваспаска трагічным выдаўся 1917 г. У гэты час каля Смаргоні рускія войскі пачалі падрыхтоўку новага наступлення. Для галоўнага ўдару быў выбраны ўчастак Смаргонь-Крэва. Перад наступленнем на ўчастак 1-га Сібірскага корпусу прыбыў жаночы “батальён смерці” прапаршчыка Марыі Бачкаровай.
Раніцай 19 ліпеня 1917 г.рускія войскі пачалі моцную артылерыйскую падрыхтоўку. Тры дні працавала руская артылерыя каля Смаргоні. Нямецкія пазіцыі амаль поўнасцю былі знішчаны.
22 ліпеня 1917г. дывізіі 1-га Сібірскага корпусу занялі першую лінію нямецкіх траншэй, затым усходнюю і заходнюю ўскраіну Наваспаскага лесу.
У гэтых баях ўдзельнічаў і жаночы “батальён смерці”. Калі немцы адкрылі мінамётны агонь, жанчыны адступілі, страціўшы 30 чалавек забітымі і 70 параненымі. Цяжка паранена была і Марыя Бачкарова.
Забітыя былі пахаваны недалёка ад Крэўскай лесапільні.
На ўскрайку Наваспаскага лесу, на рускіх могілках, захаваўся камень на магіле Георгіеўскага кавалера, штабс-капітана Андрэя Паўлавіча Лагунова. З’яўляючыся афіцэрам артылерыі, ён дабравольцам пайшоў у штурмавую роту 6-га Сібірскага палка і першым з салдатамі ўварваўся ў акопы ворага. Нягледзячы на двайное раненне, захапіў з салдатамі нямецкую батарэю і адкрыў агонь па ворагу. Загінуў у баі.[7]
Крэўская зямля – неад’емная частка гісторыі Беларусі
У пісьмовых крыніцах вядома з 13 ст., як сталіца Нальшанскай зямлі, а ў 14 ст. як цэнтр Крэўскага княства. У другой палове 14 ст. Крэва ўвайшло ў склад ВКЛ, дзе з’яўлялася дзяржаўнай уласнасцю. У 14 ст. тут Гедымін пабудаваў замак-крэпасць. З 1569 г. Крэва ў складзе РП. З 2-й паловы 16 ст. Крэва з’яўлялася мястэчкам, дзяржаўнай (каралеўскай) уласнасцю. У 17-18 ст. мела Магдэбургскае права, пазей заняпала. З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі мястэчка - цэнтр воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні. У 1846 г. тут было адкрыта земскае народнае вучылішча. Адным з першых настаўнікаў у ім працаваў Іван Чабан, які скончыў курс Маладзечненскай семінарыі. У 1854 г. тут была пабудавана з бутавага каменю царква Аляксандра Неўскага. У 1886 г. у вёсцы налічвалася 170 двароў, каля 980 жыхароў, дзейнічала валасное праўленне, вадзяны млын, земскае народнае вучылішча, 4 крамы, заезны двор, 3 карчмы, 2 багадзельні, 2 кірмашы на год (9 мая і 2 кастрычніка), раз ў тыдзень быў таржок. У 1886- 1887 навучальным годзе ў земскім народным вучылішчы налічвалася 53 вучні (з іх 3 дзяўчынкі). У 1889 г. адкрыта царкоўна-прыхадская школа. У 1905 г. у Крэва пражывала каля 1750 жыхароў, дзейнічала валасное праўленне, 2 цэрквы (Троікая і Аляксандра- Неўская), паштовае і тэлеграфнае аддзяленні, конная паштовая станыя, касцёл, прыёмны пакой і ўрачэбны ўчастак, вінныя крамы, царкоўна-прыхадская школа, земскае народнае вучылішча, адбывалася 6 кірмашоў на год . У тым жа годзе ў Крэўскім земскім вучылішчы налічваўся 131 вучань (з іх 6 дзяўчынак), іх настаўнікам быў Іван Верамей. У 19 - пешай пал. 20 ст. Крэва з’яўлялася цэнтрам керамічнай вытворчасці. З 1940 г. - цэнтр сельсавета. У 1972 г. 403 гаспадаркі, 1153 жыхары, працавалі кафляны цэх Астравецкага прамкамбіната, камбінат бытавога абслугоўвння, пякарня, сепаратарнае аддзяленне, лясніцтва, рамонтна-механічны і ветэрынарны пункты, сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, аддзяленне сувязі, бальніца, аптэка, сталоўка, 6 магазінаў, аўтобусная станцыя. На 01.01.2004 г. - 319 двароў, 726 жыхароў.[8]
Крэўскі замак - галоўная адметнасць гэтай мясцовасці. Пабудаваны Гедымінам пасля 1338 г. на насыпным узгорку, акружаны ровам з вадой. Умацаванне ў плане чатырохвугольнае, абнесена каменнымі сценамі таўшчынёй 2,2- 2,75 м, вышынёй 12- 13 м. Замак меў дзве вуглавыя вежы, размешчаныя па дыяганалі. З’яўляўся абаронным пунктам ў барацьбе з крыжакамі. Пры Альгердзе замак становіца рэзідэнцыяй Вітаўта, сына Кейстута. Пасля смерці Альгерда ў Крэве ў ссылцы нейкі час знаходзіцца Ягайла, адлучаны ад пасады вялікага князя Кейстутам за сувязі з крыжакамі. У 1382 г.у цямніцы замка ўжо сядзіць Кейстут, якога хутка тут і задушылі па загаду Ягайлы. Праз нейкі час у Крэва быў прывезены Вітаўт і толькі шчаслівы выпадак выратоўвае яму жыццё (пераапрануты ў адзенне служанкі сваёй жонкі Вітаўт збягае з замка).
14 жніўня 1385 г. у Крэве была заключана ўнія ВКЛ і Польшчы. У выніку дамоўленасці Ягайла узяў шлюб з польскай каралевай Ядвігай і стаў каралём Польшчы. Ён абяцаў прыняць каталіцтва і ахрысціць сваіх падданых язычнікаў паводле лацінскага абраду. Праз два гады ў княстве было ўзведзена 7 касцёлаў, сярод якіх быў і Крэўскі касцёл Святога Яна- Хрысціцеля.
Пасля ўніі Ягайла пераехаў ў Кракаў, пакінуўшы крэўскую вотчыну свайму брату Вігунду. Пасля смерці Вігунда, які не пакінуў нашчадкаў, Крэўскае ўдзельнае княства спыніла сваё існаванне. Праз нейкі час Крэва стала дзяржаўным маёнткам, які перадаваўся ў арэнду розным феадалам.[9]
У 1476 г. упершыню ўспамінаецца Крэўская Праваслаўная царква.[10]
У 1502- 1506 гг. Крэўскі замак быў часткова разбураны крымскімі татарамі.
Пашкоджаны ён быў і ў часы І сусветнай вайны. Кансервацыя руін замка была здзейснена ў 1929 г.
Помнікам архітэктуры Крэва з’яўляецца царква Святога Аляксандра Неўскага. Размяшчаецца яна ў цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1854 г. з бутавага камня, рэстаўрыравана ў 1928 г. Складаецца з прамавугольнага ў плане аб’ёма будынка, пакрытага двухскатным дахам і трохяруснай шатровай званіцай. Інтэр’ер перакрыты драўлянымі цыліндрычнымі зводамі.
Страшэннай навалай прашла па Крэву І Сусветная вайна. Руска-германскі фронт у 1915-1917 гг. праходзіў праз саму вёску.
У верасні 1916 г. каля Крэва праславіўся экіпаж самалёта “Ілья Мурамец” пад кіраўніцтвам паручыка Макшэева. У час паветранай аперацыі ў гэтага самалёта адказаў правы рухавік, і ён адстаў ад іншых бамбардзіроўшчыкаў. Аднак экіпаж Макшэева працягваў палёт і наблізіўся да Крэўскай мясцовасці, калі іншыя самалёты ўжо адбамбіліся і павярнулі назад. “Ілья Мурамец” пачаў бамбіць нямецкія пазіцыі і адначасова весці паветраны бой з нямецкімі знішчальнікамі. Супраць рускага бамбардзіроўшчыка змагаліся 4 нямецкія самалёты. Кулямётным агнём экіпаж “Ільі Мурамца” знішчыў 3 нямецкія паветраныя машыны, аднак загарэўся сам, заваліўся на крыло і ўзарваўся ў паветры. На зямлі сярод абломкаў немцы знайшлі 4 абпаленыя целы рускіх лётчыкаў. З вайсковай пашанай паручыкі Макшэеў, Рахмін, Галібаў, Карпаў былі пахаваны ў Барунах як “невядомыя храбрыя воіны”.[11]
Заключэнне. Пажаданні ў дарогу
Вось і закончылася наша падарожжа па родным краі. Мы прапанавалі вам цікавы, на нашу думку, маршрут. Якое ж яно будзе для вас, залежыць ад вас саміх. Не сядзіце дома, збірайце неабходныя рэчы - і ў дарогу. Самі ўсё пабачыце і адчуеце, зробіце належныя высновы. І не трэба ехаць у падарожжа за далёкі свет, каб пабачыць нешта цікавае і набыць новыя ўражанні. Вось яно, цікавае, побач з намі. У добры шлях! Шчыра запрашаем прайсціся разам з намі па гэтым маршруце і тым самым далучыцца да гістарычнай спадчыны нашай маленькай радзімы. А закончыць сваё завочнае падарожжа хочацца словамі ў гонар нашай Бацькаўшчыны, якія выказала некалі былая вучаніца нашай школы Пастарнак Анастасія.
Нідзе ў цэлым свеце не знойдзеш такую, як Яна. Такую ж чыстую і непакорную, мужную і стойкую, мудрую і велічную…
Я люблю Яе. Яна такая, за якую без роздуму я аддала б сваё жыццё. Якая Яна? Простая. І ў той жа час – незвычайная.
Яе блакітныя вочы ўвабралі ў сябе ўсю глыбіню азёр і празрыстасць рэк. Косы Яе, з сінімі валошкамі і бялюткімі рамонкамі, спелым жытам спадаюць на плечы. Сэрца Яе – з дзесяці мільенаў сэрцайкаў – поўнае матулінай пяшчоты і ласкі, поўнае святла і дабрыні. Яе песні – сумныя, тужлівыя песні журавоў над зямлею. Слезы Яе – дажджы над Хатынню…
На Яе долю выпала нямала няшчасцяў і гора. Яна пакутавала ад болю, ад ганьбы, ад здзекаў. Яна шмат пахавала сваіх сыноў і дачок. Яна многа разоў пачынала с пачатку… Але заўседы заставалася мужнай, непакорнай і стойкай, з чыстым сэрцам і шчырай душой.
Яна падаравала свету шматлікія таленты і дасягненні. Яна папоўніла сусветную скарбонку літаратуры і мастацтва… Яна стварыла сябе сама, горда і цярпліва прайшоўшы праз ўсе выпрабаванні і выстаяўшы, пераадолеўшы ўсе перашкоды і не скарыўшыся…
Я ганаруся Ею. Я захапляюся Ей. Я люблю Яе – маю чыстую Белую Русь.
Літаратура
- В. Лигута. Наша кровь в Сморгони.
- Памяць. Смаргонскі раён,Мн. 2004 г.
- Традыцыйная культура беларусаў, т.3.,кн. 2, Мн. 2006 г.
[1] Памяць. Смаргонскі раён,Мн. 2004г., ст. 626
[2] Памяць. Смаргонскі раён,Мн. 2004г., ст. 628, 629
[3] Памяць. Смаргонскі раён,Мн. 2004г., ст. 29
[4] В. Лигута. Наша кровь в Сморгони.
[5] Традыцыйная культура беларусаў, т.3.,кн. 2,, Мн. 2006, с.102
[6] Памяць. Смаргонскі раён,Мн. 2004г., ст. 620
[7] В. Лигута. Наша кровь в Сморгони.
[8] Памяць. Смаргонскі раён,Мн. 2004г., ст.616-617
[9] Памяць. Смаргонскі раён,Мн. 2004г., ст.49
[10]А. Камінскі. Новая дата ў гісторыі Крэўскай царквы // Светлы шлях, 19 лютага 2010 г.,ст.4
[11] В. Лигута. Наша кровь в Сморгони.