Матэматычны занятак “Падарожжа ў казку”

Задачы:

практыкаваць у колькасным і парадкавым лічэнні ў межах 7, варыянты складу лічбаў у межах 7 з двух меншых лікаў; замацоўваць веды аб адносінах паміж лікамі, уменне карыстацца знакамі “<”, “>”, “=”; практыкаваць ва ўменні пазнаваць і адрозніваць плоскія геаметрычныя фігуры;

садзейнічаць фарміраванню умення арыентавацца на лісце паперы; фарміраванню лагічнага мыслення, пашырэнню інтэлектуальных запытаў дзяцей; актывізаваць дзіцячую пошукавую дзейнасць, абапіраючыся на суб’ектыўны вопыт выхаванцаў;

садзейнічаць выхаванню беражлівых адносін да жывёл.

Ход занятку

-Дзеці, сёння мы адправімся ў казку. Гэта казка называецца “Рукавічка”. Ішоў дзед лесам, а за ім бег сабачка. Ішоў дзед, ішоў дый згубіў рукавічку. Вось бяжыць мышка, хоча залезці ў рукавічку, але спачатку трэба выканаць заданне. Дапаможам мышцы?

1.Трэба паставіць правільныя  знакі на вусенях

Вось вы дапамаглі мышцы і яна залезла ў рукавічку ды кажа:

-Тут я буду жыць.

А тым часам жаба скок-скок! –пытаецца:

-Хто, хто ў рукавічцы жыве?

-Мышка-скрабушка. А ты хто?

-А я жабка-скакуха. Пусці і мяне!

-Добра, але спачатку выканай маё заданне.

2. Вось табе геаметрычныя фігуры. Трэба саставіць з іх птушак

-Якія прыгожыя птушкі ў вас атрымаліся.

Вось іх ужо двое. Бяжыць зайчык. Падбег да рукавічкі, пытаецца:

-Хто, хто ў рукавічцы жыве?

-Мышка-скрабушка, жабка-скакуха. А ты хто?

-А я зайчык-уцякайчык. Пусціце і мяне.

-Пусцім, калі выканаеш наша заданне.

3. Трэба сабраць кветку. Вось вам пялёсткі, іх трэба пакласці да сярэдзіну кветкі

Мы зайчыку дапаможам, а за гэта зайка з вамі пагуляе.

-Якія чароўныя кветкі ў вас атрымаліся. А зараз фізкультхвілінка.

На палянцы зайка шэры

То направа-гоп-гоп-гоп.

То налева-гоп-гоп-гоп.

А за ім услед цяцера

Крыльцам правым-лоп-лоп-лоп.

Крыльцам левым-лоп-лоп-лоп.

Гэтак шчыра па парадку

Пачынаем фіззарадку.

-Хадзі зайка да нас.

Вось іх ўжо трое. Бяжыць лісічка:

-Хто, хто ў рукавічцы жыве?

-Мышка-скрабушка, жабка-скакуха ды зайчык-ўцякайчык. А ты хто?

-А я лісічка-сястрычка. Пусціце і мяне!

-Мы згодны. Але трэба выканаць наша заданне.

4. Патрэбна знайсці адрозненні і вызначыць іх

-Малайцы, дзеці. Вы ўсё выканалі правільна. Будзем слухаць казку далей.

Вось іх ўжо чацвёра. Аж бяжыць воўк, і таксама да рукавічкі дый пытае:

-Хто, хто ў рукавічцы жыве?

-Мышка-скрабушка, жабка-скакуха , зайчык-ўцякайчык ды лісічка-сястрычка. А ты хто?

-А я ваўчок-шэры бачок.пусціце і мяне.

-А ты выканай наша заданне тады і пусцім.

Дзеці, давайце дапаможам і ваўку.

5. Трэба трапіць ў мішэнь. Мішэнь-гэта прамавугольны ліст

А).У верхні правы вугал намалюем зялёны квадрат.

Б).У ніжні левы-чырвоны трохвугольнік.

В).Пасярэдзіне - жоўты авал.

Г).У верхні левы вугал-сіні ромб.

Залез і гэты-стала іх ўжо пяцёра. Так ім цесна, што яны павярнуцца нават не могуць. А тут затрашчала сучча вылазіць мядзведзь і таксама да рукавічкі ідзе, раве:

-Хто, хто ў рукавічцы жыве?

-Мышка-скрабушка, жабка-скакуха, зайчык-ўцякайчык, лісічка-сястрычка, ваўчок- шэры бачок. А ты хто?

-Гу-гу-гу, шмат вас тут! А я мядзведзюхна-батюхна.Пусціце і мяне!

-Як жа мы цябе пусцім? Тут і так цесна.

-Ды як-небудзь!

-А ты з дзецьмі выканай наша заданне ў сшытках мы цябе і ўпусцім.

-Дзеці, давайце лапаможам мядзведзю, але спачатку трэба зрабіць пальчыкавую гімнастыку, каб размяць нашы пальчыкі.

Раз-два-тры-чатыры-пяць

Будзем разам маляваць

Памалюем мы рукамі

Хатку-тату, хатку-маме

Гэта хатка для цябе

Гэта хатка для мяне

Намалюем сад ускруг

А ў ім дрэвы там і тут.

У сад пойдзем мы гуляць

Каб гульню зноў пачынаць.

-А цяпер адчынім сшыткі і выканаем заданне.

6. Намалюй столькі прадметаў, сколькі паказвае лічба справа

-Малайцы дзеці і з гэтым заданнем вы справіліся. Слухаем казку далей.

-Дык хадзі ўжо мядзведзь, толькі з краёчку!

Задез і гэты-шасцёра іх стала, ды так цесна, што рукавічка як бач разарвецца.

А тым часам дзед схапіўся-няма рукавічкі. Ён тады вярнуўся шукаць яе. А сабачка пабег наперадзе. Бяжыць, бяжыць, аж бачыць-ляжыць рукавічка і варушыцца. Сабачка тады:

-Гаў-гаў-гаў!

Звяры спалохаліся, з рукавічкі вырваліся ды ўроссып па лесе. Ну а дзед пайшоў і забраў рукавічку.

-Вось і скончылася наша казка. Ці спадабалася яна вам? Давайце ўспомнім, якое заданне вы дапамаглі зрабіць мышцы? А жабцы? Ці складанае заданне вы дапамаглі выканаць зайку? А лісічцы? Якое заданне было ў ваўка? А што мы дапамаглі зрабіць мядзведзю? Якое заданне было самае лёгкае? А самае складанае?

Некаторым дзецям было цяжка справіцца з заданнем, а другім - лёгка. Вось тут ў мяне на дошцы два сонейка: адно-сумнае, а другое-вясёлае. Каму ўсё спадабалася,было лёгка выконваць заданні - адзначым магнітам вясёлае сонца, а у каго сёння было журботны настрой, было цяжкавата - азначым магнітам сумнае сонейка.

Давайце развітвацца з нашымі гасцямі. Да пабачэння!

Самааналіз занятку

Занятак па перадматэматычным развіцці праводзіўся ў старэйшай групе з дзецьмі пяці-шасці гадоў. Групу наведваюць 13 выхаванцаў. Сямёра дзяцей займаюцца з настаўнікам-лагапедам.

Гэта быў абагульняльны занятак па тэме. Ён падводзіў вынік пройдзенаму матэрыялу. Задачы пастаўлены такім чынам, каб падвесці дзяцей да патрэбнага вываду, замацаваць іх веды па пройдзеных тэмах, спрыяць у працэсе навучання пашырэнню інтэлектуальных запытаў дзяцей, даць дзецям парадавацца дасягнутаму, адчуць радасць поспеху.

Занятак праводзіўся ў форме “Падарожжа ў казку”. Былі пастаўлены наступныя задачы:

практыкаваць у колькасным і парадкавым лічэнні ў межах 7, варыянты складу лічбаў у межах 7 з двух меншых лікаў; замацоўваць веды аб адносінах паміж лікамі, уменне карыстацца знакамі “<”, “>”, “=”; практыкаваць ва ўменні пазнаваць і адрозніваць плоскія геаметрычныя фігуры (адукацыйная);

садзейнічаць фарміраванню умення арыентавацца на лісце паперы; фарміраванню лагічнага мыслення, пашырэнню інтэлектуальных запытаў дзяцей; актывізаваць дзіцячую пошукавую дзейнасць, абапіраючыся на суб’ектыўны вопыт выхаванцаў (развіваючая);

садзейнічаць выхаванню беражлівых адносін да жывёл (выхаваўчая).

Усе задачы адпавядаюць праграмным патрабаванням да дзяцей старэйшага ўзросту. Яны звязаны паміж сабой. Тут і замацоўваюцца веды па лічэнні, фарміруецца арыенціроўка ў прасторы, лагічнае мысленне, выхоўваюцца беражлівыя адносіны да жывёл.

Выкарыстоўваліся ў асноўным слоўныя і наглядныя метады. Маўленчая і навучальная шчыльнасць занятку дастатковая.

На занятку выкарыстоўваўся прынцып індывідуалізацыі і дыферэнцыяцыі, прадстаўлена дастаткова раздатачнага матэрыялу. Дзеці выконвалі заданне ў рабочых сшытках. Раздатачны матэрыял дзецям спадабаўся.

Стымуляванне пазнавальнай актыўнасці дзяцей здзяйснялася праз пахвалу.

У сярэдзіне занятку была праведзена фізкультхвілінка, а перад работай у сшытках - пальчыкавая гульня. Працягласць занятку склала 25-30 хвілін. Змяняліся віды дзейнасці. Першае і другое заданне дзеці выконвалі за сталом, трэцяе – на дыване, чацвёртае-шостае – за сталом.

Дзецям занятак спадабаўся, яны былі актыўнымі, працаздольнымі на кожным з этапаў, з задавальненнем выконвалі заданні.

У канцы занятку быў падведзены вынік і праведзена рэлаксацыя. Дзецям спадабаўся занятак у форме казкі-падарожжа. Задачы былі рэалізаваны.

У сваёй педагагічнай дзейнасці практыкую заняткі ў форме гульні ці падарожжа, што садзейнічае актывізацыі пазнавальнай цікавасці да матэматыкі.

Па выніках занятку з некаторымі дзецьмі трэба правесці індывідуальную работу па ўдасканальванні арыенціроўкі ў прасторы.

 

Ніканава Л.М., выхавацель дашкольнай групы

 

Методический портфель: